Беларускія бежанцы ў Літве: жыццё і праблемы

Пасля сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў у 2020 годзе, калі Аляксандр Лукашэнка зноў аб’явіў сябе прэзідэнтам, у Беларусі пачаліся масавыя пратэсты. Людзі, якія галасавалі супраць яго або за апазіцыйную кандыдатку Святлану Ціханоўскую, былі злыя і расчараваныя. Яны не верылі ў чарговую “элегантную перамогу” Лукашэнкі. Але Лукашэнка гвалтоўна задушыў пратэсты. Беларусаў жорстка білі прадстаўнікі сілавых структур, многія апынуліся ў турме. Баючыся рэпрэсій, цэлыя сем’і беглі з краіны. Адной з краін для жыцця беларусы абралі Літву.

 

Па словах прадстаўніцы Дэпартаменту міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літоўскай Рэспублікі, зараз больш за 41000 беларусаў жывуць у Літве. Паводле ЛРТ, толькі за першую палову гэтага года, 10116 беларусаў атрымалі віды на жыхарства ў Літве. Многія з іх былі вымушаныя з’язджаць з Беларусі, таму што не хацелі сядзець у турме толькі за тое, што яны супраць Лукашэнкі.

 

Што ж адбываецца ў Беларусі цяпер? Чаму людзі пакідаюць свае дамы, і якія праблемы чакаюць іх у Літве?

 

Арышты за размову па-беларуску, зачыненыя недзяржаўныя арганізацыі і татальная мілітарызацыя — што значыць жыць у Беларусі

 

Паводзе Праваабарончага цэнтра “Вясна”, па стане на 14 кастрычніка, палітвязнямі ў Беларусі прызнаныя 1343 чалавекі. Усе яны пратэставалі супраць Лукашэнкі рознымі спосабамі. Некаторыя, напрыклад, пісалі каментары ў сацсетках пра Лукашэнку і міліцыю. Некаторыя, паводле крымінальных спраў, абразілі Лукашэнку. Больш за 450 людзей былі арыштаваныя за арганізацыю і каардынацыю дзейнасці, якая сур’ёзна парушае грамадзянскі парадак (гэта значыць, што беларусы ўдзельнічалі ў акцыях пратэсту). І гэта самы папулярны крымінальны артыкул у Беларусі.

 

Вольга Залатар — маці пецярых дзяцей. Яна каталічка і размаўляе па-беларуску ў паўсядзённым жыцці. У 2020 годзе Вольга была назіральнікам на прэзідэнцкіх выбарах. Пасля фэйкавай перамогі Лукашэнкі Вольга працягнула сацыяльную актыўнасць. Яна стала валанцёрам каля ізалятара часовага ўтрымання на вуліцы Акрэсціна ў Мінску. Яна дапамагала людзям, арганізоўвала дваравыя сходы для жыхароў свайго аграгарадка Ждановічы. 18 сакавіка 2021 года Вольгу Залатар затрымалі. Падчас допытаў Вольга распавядала следчаму, што яе катавалі. Пасля першых дзён ў дасудовым ізалятары ў яе на целе было мноства сінякоў і слядоў ад удараў. Яе абвінавацілі па артыкулах 361-1 Крымінальнага кодэксу (стварэнне экстрэмісцкага фарміравання або актыўны ўдзел у ім) і 342 Крымінальнага кодэксу (арганізацыя і падрыхтоўка дзеянняў, якія сурова парушаюць грамадскі парадак, або актыўны удзел у іх). Вольгу ў яе дзень нараджэння прымусова перавезлі да Рэспубліканскага навукова-практычнага цэнтра псіхічнага здароўя, і яна правяла там два тыдні. 3 снежня 2021 года жанчыну прыгаварылі да чатырох гадоў калоніі.

 

На працягу двух гадоў пасля прэзідэнцкіх выбараў Лукашэнка зачыняў недзяржаўныя арганізацыі. Па словах прадстаўнікоў незаконнай улады ў Беларусі, гэтыя арганізацыі рыхтавалі глебу для пратэстаў пад прыкрыццём сацыяльнага актывізму. “Вы павінны разумець, што мы проста не можам інакш. Што яны рабілі, зразумела. Яны атрымлівалі грошы з-за мяжы. І мы ўсе думалі: ну, гэта дэмакратыя, давайце дамаўляцца і супрацоўнічаць. І мы атрымалі адпаведныя рэзультаты”, — сказаў Лукашэнка ў 2021 годзе. Як рэзультат, беларускія ўлады ліквідавалі 857 недзяржаўных арганізацый, якія працавалі з ахвярамі хатняга гвалту, ратавалі бясхатніх жывёл і дапамагалі дзецям з цяжкімі хваробамі.

 

Арганізацыя “Віцебскі ДОБРЫК” была зарэгістраваная толькі ў сакавіку 2021 года. Яна была звязаная з адзіным дзяржаўным прытулкам для жывёл у Беларусі. У 2011 годзе грамадскасць змагалася за яго адкрыццё. Ён быў створаны з падтрымкай гарадской і абласной адміністрацыі. Прытулак жыў за сродкі дзяржавы, але яго магчымасці былі абмежаваныя, таму яго дырэктар Ала Прасолава вырашыла зарэгістраваць недзяржаўную арганізацыю. “Віцебскі ДОБРЫК” стаў членам асацыяцыі жывёлаабарончых арганізацый, і Ала Прасолава ўдзельнічала ў канферэнцыях, працавала з іншымі актывістамі, каб палепшыць заканадаўства, датычнае жывёл у Беларусі. Яна планавала адчыніць гасцініцу для жывёл пры прытулку, ставараць кампаніі і камерцыйныя праекты. Ала Прасолава нават не ведала пра ліквідацыю “Віцебскага ДОБРЫКА” ў жніўні 2021 года. Яна даведалася пра гэта ад іншых людзей.

 

Люты 2022 года пераўтварыў Беларусь у краіну, дзе дзеці рыхтуюцца знішчаць ворагаў з Еўропы. Пасля расійскага ўварвання ва Украіну 24 лютага Лукашэнка стаў суагрэсарам, таму што ён дазволіў расійскім вайскам атакаваць Украіну з беларускай тэрыторыю. Ён не ўпускае моманту сказаць, што заходнія краіны і Украіна хочуць акупаваць Беларусь. Напрыклад, 17 чэрвеня дыктатар сказаў, што Польшча была гатовая да ўводу войскаў у Беларусь: “Вось таму я вымушаны трымаць армію на мяжы з захадам і поўднем. У мяне ёсць дзесяць падраздзяленняў, якія стаяць уздоўж мяжы за спінамі памежнікаў, каб не ўлезлі ў Беларусь. А такія думкі таксама былі”.

 

“Тры дні таму, можа быць, больш, была спроба ўварвання з тэрыторыі Украіны. Яны спрабавалі нанесці ўдар па ваенных аб’ектах у Беларусі. Але, дзякуй Богу, антыпаветраныя комплексы “Панцыр” здолелі перахапіць усе ракеты, якія былі запушчаныя Узброенымі Сіламі Украіны”, — сказаў ён 2 ліпеня.

 

Зараз падрыхтоўка да вайны з Еўропай і Украінай пачынаецца ў Беларусі з ранняга дзяцінства. З гэтага навучальнага года ўсе вучні павінны слухаць нацыянальны гімн кожны дзень. А кожная чвэрць пачынаецца з узняцця дзяржаўнага сцяга. Гэтым летам у Беларусі былі арганізаваныя 480 вайскова-патрыятычных лагераў для падлеткаў. Дзяцей вучылі, як страляць са зброі, выкарыстоўваць вайсковае абсталяванне, аказваць медычную дапамогу і мінаваць тэрыторыю. У 10 і 11 класах хлопчыкі наведваюць урокі па вайсковай падрыхтоўцы, дзе яны слухаюць пра ворагаў з захаду, фашыстаў, якія хочуць, каб Лукашэнка сышоў з паста прэзідэнта, і Расію як адзінага сябра Беларусі.

 

Многія бацькі не хочуць, каб іх дзеці станавіліся салдатамі Лукашэнкі, і таму больш і больш беларусаў абіраюць жыць у іншых краінах.

 

Літва для беларускіх бежанцаў: з якімі праблемамі яны сутыкаюцца 

 

Беларускія бежанцы трапляюць у Літву двума шляхамі: легальным і нелегальным. Калі чалавек прыязджае легальна, ён звычайна рыхтуецца да гэтага: мае грошы, дакументы і візу. Такія бежанцы маюць час для пошуку месца працы, жытла, школы для дзяцей. Хтосьці спачатку атрымлівае часовы від на жыхарства на адзін год на падставе вучобы або работы, а потым просіць бежанства. Гэта лепшы шлях, каб зберагчы магчымаць зарабляць грошы і ездзіць у іншыя краіны. Да таго ж, беларускія мужчыны ў Літве вельмі часта пачынаюць працаваць дальнабойшчыкамі, і для іх магчымасць выязджаць за мяжу вельмі важная.

 

Паводле літоўскіх законаў, бежанцы не могуць працаваць афіцыйна першыя шэсць месяцаў, пакуль знаходзяцца ў чаканні статусу. Гэта праблема для многіх людзей: не ўсе маюць працу, як у IT-спецыялістаў, якая дазваляе зарабляць з любой кропкі свету і ў любым статусе. Але яны мусяць думаць пра тое, як купіць ежу, адзенне, знайсці грошы на жытло. У некаторых выпадках Дэпартамент міграцыі пры Міністэрстве ўнутраных спраў Літвы забірае ў бежанцаў пашпарты. І гэтыя людзі не могуць нават адкрыць банкаўскі рахунак або знайсці жытло. Канечне, яны могуць напісаць у Дэпартамент запрос на атрыманне пашпарта, каб вырашыць асабістыя справы, але гэта магчыма толькі на пяць дзён.

 

У асабліва рызыкоўную сітуацыю трапляюць людзі, якія апынуліся ў Літве незаконным шляхам. Гэтыя асобы бягуць з Беларусі без падрыхтоўкі, калі КДБ або ГУБАЗіК (Генеральнае Упраўленне па барацьбе з арганізаванай злачыннасцю і карупцыяй) прыходзяць да іх. Беларусы пакідаюць краіну праз лясы, ваду або нават паветраным шляхам. І нішто не спыняе іх, нават высокія заборы на мяжы з правадамі і лязом. Часам яны перасякаюць мяжу без дакументаў, таму што іх пашпарты могуць быць у міліцыі або КДБ. І прыйсці праз лес або ваду — гэта адзіная магчымасць не адбываць пакаранне ў турме за пазіцыю супраць Лукашэнкі.

 

У 2021 годзе Андрэй Суша з Мінску перасёк беларуска-літоўскую мяжу паветраным шляхам — на мотапараплане. Ён праляцеў дзесьці 60 кіламетраў і пайшоў здавацца літоўскай паліцыі. У Мінску ён працаваў дэфектаскапістам, але пасля прэзідэнцкіх выбараў супраць яго пачалі дзве крымінальныя справы. Яму пагражаў срок за абразу сілавіка і пагрозу гвалтам супрацоўніку міліцыі. У Літве Андрэй таксама мог патрапіць у турму за незаконны пераход мяжы. Але літоўская паліцыя спыніла справу супраць яго.

Уладзіслаў (імя змененае) быў маладым беларускім салдатам, які, як і большасць беларускіх мужчын, прымусова служыў у войску. Але пасля нападу Расіі на Украіну хлопец сур’ёзна спужаўся, што аднойчы наступіць той дзень, калі ён будзе вымушаны перайсці ўкраінскую мяжу і забіваць украінцаў. Да таго ж, ён пакутаваў ад булінгу з боку старэйшых афіцэраў і татальнай несправядлівасці. Ён бачыў, як расійскія войскі акупіравалі Беларусь і як расійскія самалёты адлятаюць ва Украіну з беларускіх аэрадромаў. Калі падраздзяленне было на вучэннях недалёка ад мяжы, Уладзіслаў вырашыў збегчы з Беларусі. Ён перабраўся праз агароджу на літоўска-беларускай мяжы і адразу пайшоў у паліцыю, дзе папрасіў пра бежанства. Зараз ён жыве ў лагеры для бежанцаў.

 

Бежанцы ў Літве маюць шмат магчымасцяў. Адна з іх — гэта бясплатная медыцынская дапамога. Кожны бежанец атрымлівае DIK-код, з якім ён можа стаць на ўлік у паліклініку або звярнуцца ў бальніцу. Але на жаль, многія беларусы сутыкаюцца з непаразуменнямі з боку медыцынскіх працаўнікоў. Дактары і медсестры па няпэўных прычынах не ведаюць, што рабіць з пацыентамі, якія чакаюць статусу бежанца. Звычайная сітуацыя, калі яны прымушаюць такіх беларусаў плаціць за медыцынскую дапамогу, таму што бежанцы не маюць відаў на жыхарства і асабістых кодаў — яны толькі чакаюць, пакуль дзяржава дасць ім статус бежанца.

 

Многія з тых, хто звярнуўся па бежанства ў Літве, могуць жыць у спецыяльных асяродках, напрыклад, у Пабрадзе, дзе знаходзіцца Цэнтр рэгістрацыі бежанцаў. Але звычайна беларускія бежанцы абіраюць жыць у хостэлах ці кватэрах, дзе амаль няма правіл. Да таго ж, яны баяцца, што іх могуць паграбаваць іншыя мігранты — а такое здараецца вельмі часта. Такім чынам, яны не адчуваюць бяспекі ў падобных месцах.

 

Паводле літоўскага заканадаўства, людзі атрымліваюць статус бежанца (або адмову ў наданні гэтага статусу) на працягу 6 месяцаў. Але пасля расійскага ўварвання ва Украіну гэты тэрмін павялічыўся. Як мінімум 30 беларусаў, якія запрасілі статус бежанца, былі вымушаныя чакаць больш за паўгады (а хтосьці — больш за год). Але Дэпартамент міграцыі заўсёды дапамагае беларусам з сур’ёзнымі праблемамі (напрыклад, з хваробамі). Як мінімум двое беларусаў з цяжкімі дыягназамі (ВІЧ і анкалогія) атрымалі статус бежанца нават раней за абазначаны законам тэрмін.

 

Многія арганізацыі дапамагаюць беларусам прайсці праз перыяд чакання статусу бежанца. Некаторыя былі заснаваныя рэпрэсаванымі беларусамі, якія эмігравалі ў Літву. А некаторыя з’яўляюцца літоўскімі недзяржаўнымі арганізацыямі і дапамагаюць усім бежанцам, не толькі беларусам.

 

Якую дапамогу атрымліваюць беларускія бежанцы ў Літве? 

 

Галоўная дапамога для людзей, якія пакінулі свой дом, заключаецца ў фінансах і інфармацыі. Грамадскае аб’яднанне “Дапамога” заснавала беларуска Наталля Калегава, якая жыве ў Літве ўжо шмат гадоў. Гэтая арганізацыя прапануе беларусам адаптацыю, жытло і дапамагае з прадуктамі і рэчамі на першыя тыдні. Да таго ж, “Дапамога” арганізоўвае бескаштоўныя курсы літоўскай мовы, групы псіхалагічнай дапамогі і падтрымлівае ў працэдурах атрымання статусу бежанца. Таксама “Дапамога” праводзіць шматлікія акцыі салідарнасці, прысвечаныя беларускім палітычным бежанцам.

 

“Наш Дом” — гэта арганізацыя, заснаваная беларускім палітыкам Вольгай Карач. Пасля рэпрэсій у 2020 годзе гэтая арганізацыя цалкам знаходзіцца ў Літве. Тут беларусы і ўкраінцы могуць атрымаць дапамогу з адзеннем і прадметамі быту (як пасцельная бялізна, мэблі і посуд). Таксама арганізацыя супрацоўнічае з “Maisto bankas”, які раздае прадукты беларускім бежанцам.

 

Беларусы, якім патрэбна дапамога з медыцынскай страхоўкай, могуць звярнуцца ў літоўскі Чырвоны Крыж. Гэтая арганізацыя падтрымлівае ў вырашэнні медыцынскіх праблем, кампенсуе выдаткі на ежу, гігіену і адзенне. Бежанцы могуць таксама атрымаць кампенсацыю за лекі і медыцынскія працэдуры. Пасля атрымання статусу бежанца людзі могуць прайсці тут інтэграцыйны курс.

 

Арганізацыя “Карытас” таксама кампенсуе кошты ежы, гігіенічных сродкаў, лекаў і адзення для бежанцаў. Але тут людзі могуць таксама вучыць літоўскую мову і атрымліваць псіхалагічную падтрымку (рускамоўная псіхолаг праводзіць індывідуальныя і групавыя заняткі па арт-тэрапіі). Апошняе асабліва важнае для беларусаў, якія прайшлі праз кола палітычных рэпрэсій або нават катаванні. Таксама “Карытас” праводзіць заняткі з дзецьмі бежанцаў, бацькі якіх не могуць плаціць за гурткі.

 

Людзі становяцца бежанцамі не таму, што хочуць жыць у іншых краінах. Многім праўда патрэбна абарона ад рэжыму Лукашэнкі, таму што яны хацелі зрабіць жыццё ў Беларусі лепшым і хацелі жыць у дэмакратычным грамадстве. Для Лукашэнкі любы замах на яго ўладу, любы сумнеў у тым, што ён найлепшы лідар у свеце, — гэта злачынства. Таму многія людзі, якія яго не падтрымліваюць і працягваюць жыць у Беларусі, зараз знаходзяцца ў небяспецы. І праз гвалтоўныя рэпрэсіі з боку рэжыму колькасць бежанцаў менавіта з Беларусі можа павялічыцца.

 

Святлана Ліпец